ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

ЛЕКЦЫІ | НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ

 

УЛАДЗІМЕР ЛЯХОЎСКІ. БЕЛАРУСЬ ПАДЧАС

ПОЛЬСКА-САВЕЦКАЕ ВАЙНЫ (1919—1921 ГГ.)

 

Лекцыя 1

Лекцыя 2

Беларускія вайсковыя фармаваньні

Плян:

1. Партызанка супраць бальшавікоў

2. “Вызваленчая” місія Пілсудскага

3. Палескі паход Станіслава Булак-Балаховіча

4. Асоба генэрала Булак-Балаховіча

5. Слуцкі збройны чын

 

1. Партызанка супраць бальшавікоў

Палкоўнік Езавітаў, які нейкі час камандаваў беларускім палком у Горадні, быў прызначаны шэфам Беларускай вайскова-дыпляматычнай місіі ў Латвіі і Эстоніі. У лістападзе ён усталяваў кантакт са Станіславам Булак-Балаховічам. Сустрэча адбылася на канфэрэнцыі балтыйскіх краін, Украіны і Беларусі ў Тарту. Балаховіч заявіў, што ён беларус і што ідэя барацьбы за незалежную Беларусь яму больш блізкая, чым авантуры белых генэралаў. 14 лістапада Балаховіч склаў дэклярацыю беларускага грамадзянства з просьбай прыняць яго на беларускую службу. Пераход у беларускае войска балахоўцы сустрэлі выбухам энтузіязму. Беларусы складалі палову афіцэраў і тры чвэрці жаўнераў палку, названага цяпер Асобным атрадам БНР. Жаўнеры зрывалі з шапак юдзенічаўскія значкі і замянялі іх на “Пагоні”, а бела-сіне-чырвоныя расейскія сьцягі — на бел-чырвона-белыя. Час быў вяртацца дадому. Але куды рушыць?

Спачатку Балаховіч і Езавітаў плянавалі прабівацца на Полацак, каб адваяваць у бальшавікоў нейкую тэрыторыю, якая не была пад палякамі. Хутка выявілася, што гэта немагчыма, бо Эстонія і Латвія перайшлі да мірных перамоў з Савецкай Расеяй. Зрэшты, і атака 2-тысячнага атраду супраць Чырвонай Арміі была б самагубствам. Заставалася адно далучыцца да беларускага войска, якое стваралася з дазволу палякаў. Езавітаў зьвярнуўся да польскага галоўнага камандаваньня з просьбай адвесьці Асобнаму атраду БНР участак польска-бальшавіцкага фронту на поўначы. На пачатку сакавіка атрад Балаховіча зьявіўся ў акупаваным палякамі Дзьвінску, адкуль быў накіраваны ў Берасьцейскую крэпасьць дзеля перафармаваньня. Цэлую вясну Балаховіч прасіўся на фронт, але дазволу не атрымоўваў. Атрад ня быў таксама ўлучаны ў беларускае войска ўраду Луцкевіча.

Сваю ролю Балаховіч адыграў падчас партызанскай вайны з бальшавікамі на Палесьсі, у якой ён паказаў сябе дзёрзкім і прадпрымальным камандзірам. Балаховіч карыстаўся падтрымкай сялян, якія інфармавалі яго пра рухі бальшавіцкіх атрадаў і папаўнялі рады балахоўцаў. Вялікай дапамогай атаману сталася супрацоўніцтва зь беларускай падпольнай арганізацыяй “Зялёны Дуб”, якая мела свае ячэйкі па ўсім Палесьсі, нават у Камені-Кашырскім, на ўкраінскім баку.

Бальшавікі, са свайго боку, карысталіся дапамогай часткі мясцовага габрэйскага насельніцтва, перадусім — моладзі. Прыводзіла гэта да непазьбежных сутыкненьняў. Пазьней на Балаховіча накінулі ярлык “пагромшчыка”. Пагромы сапраўды мелі месца. Да прыкладу, у Камені-Кашырскім. Пасьля ўпартай абароны мястэчка ўзяў і спаліў палкоўнік Паўлоўскі. Габрэйская моладзь, што абараняла мястэчка, адышла ў лес. А хлебам-сольлю вітаць Балаховіча была змушана старэйшая частка габрэйскага насельніцтва.

Зусім нечаканая сустрэча адбылася ў Кажан-Гарадку. Мясцовы рэўкам палічыў балахоўцаў за чырвоных казакоў і вітаў іх у чырвоных кашулях, дакладаючы, колькі зьнішчана “ворагаў народу”. Атаман і ягоныя вершнікі, не сказаўшы ні слова, выцягнулі шаблі, і ўвесь рэўкам быў выразаны. Інцыдэнт таксама прылічылі да “пагромаў”. Разумеючы небясьпеку такіх зьвінавачаньняў і каб пазьбегнуць сапраўдных пагромаў, Балаховіч пачаў арганізоўваць габрэйскі атрад пад камандаваньнем лейтэнанта Цэйтліна. Удалося, аднак, набраць толькі некалькі дзясяткаў добраахвотнікаў.

Складанымі былі таксама адносіны і ў самім балаховічавым войску, найперш між беларусамі і расейцамі. Беларускія афіцэры мелі пэўнасьць, што займаюць свае землі, і стваралі беларускую адміністрацыю, расейцы ж лічылі гэтую тэрыторыю часткай “адзінай і непадзельнай”. Каб палагодзіць спрэчкі, а то й бойкі між беларусамі і расейцамі, часам даводзілася накіроўваць спэцыяльны атрад польскай жандармерыі. І ўсё ж варажнеча паступова нарастала, і ў самы крытычны момант змаганьня — у час паходу на Менск — вылілася ў адкрыты канфлікт.

Справа палягала ў тым, што польскія нацыяналісты, што пераважалі ў Сойме і ва ўрадзе, вырашылі абмежавацца акупацыяй толькі часткі беларускіх зямель, якія магчыма было палянізаваць. Падчас мірных перамоў у Рызе польская дэлегацыя наадрэз адмовілася ад савецкай прапановы забраць пад Польшчу ўсе землі адпаведна зь мяжой 1772 г., перад першым падзелам Рэчы Паспалітай. Гэтак жа сама паставіліся яны й да Віленшчыны. Вільня, і Менск былі для іх нічога ня вартымі “жыдоўскімі” мястэчкамі, разьмешчанымі далёка на ўсходзе.

Зусім інакш глядзеў на гэтыя гарады Юзаф Пілсудскі. Для яго Вільня і Менск былі самымі важнымі гарадамі ўлюбёнага Вялікага Княства Літоўскага. Далейшых падзей у змаганьні за Беларусь мы не зразумеем безь сьведамленьня таго, што начальнік польскай дзяржавы ня быў палякам, ці, прынамсі, быў не такім палякам, як паслы Грабскі і Домбскі, якія лёгка дзяліліся Беларусьсю з Савецкай Расеяй.

Пілсудскі быў палякам, улучна з тым і “грамадзянінам Рэчы Паспалітай абедзьвюх нацый”. Быў ён таксама і “ліцьвінам”. І хаця ля пачаткаў роду стаіць жмудзін Гінэт, Пілсудскі лічыў сябе таксама й беларусам. Магчыма, таму, што падвіленскае Зулава, дзе Пілсудскія мелі фальварак, знаходзілася на этнічна беларускіх землях. Малы Зюк (скарочаная форма беларускага імя Юзюк) ведаў беларускую мову, якая, верагодна, як і ў іншых вялікіх родах на Беларусі, была мовай ягонай сям'і. Пішучы па-польску, малады Пілсудскі ніколі не называе свайго бацьку “ojciec”, а толькі па-беларуску — “бацька”. Добра таксама вядома, што Пілсудскі сваім часам асабіста кіраваў кантрабанднай дастаўкай “Дудкі беларускай” Багушэвіча з Кракава ў Беларусь і што ягоная партыя яшчэ з часоў Ліманоўскага прызнавала існаваньне беларускай нацыі, хаця беларускага палітычнага руху тады яшчэ не было. Цяпер стала вядома таксама, што малады Пілсудскі падчас свайго першага арыштту заявіў: маўляў, паводле нацыянальнасьці ён — беларус. Тады якраз ён і назваўся Восіпам, а ня Юзафам.

Калі да Пілсудскага дайшлі чуткі, што Грабскі і Домбскі гандлююць Беларусьсю з бальшавікамі, ён паслаў князя Сапегу, каб той разагнаў гэтую кампанію. Даведаўшыся пра місію князя, польская дэлегацыя ўначы падпісала замірэньне з Савецкай Расеяй. “Wycialem minski wrzod”, — выхваляўся потым Грабскі.

2. “Вызваленчая” місія Пілсудскага

Пілсудзкі застаўся самотным: усе намаганьні ягонага жыцьця былі змарнаваны, І тады ён вырашыў даць апошні бой. Хаця ён і быў начальнікам польскай дзяржавы, аднак ня быў яе самаўладным дыктатарам, а таму ня мог узьняць супраць волі Сойму і ўраду польскую армію. Заставаліся толькі “свае хлопцы”: камандзір гэтак званай Літоўска-Беларускай дывізіі генэрал Лук'ян Жалігоўскі і камандзір Беларускай народнай арміі генэрал Станіслаў Булак-Балаховіч. Жалігоўскі быў “таксама беларусам”, свабодна гаварыў па-беларуску. У ягонай Літоўска-Беларускай дывізіі не было, бадай, ніводнага літоўца, але беларусаў — процьма. 90 % добраахвотнікаў, якія ўвесну 1920 г. прыйшлі ў гэтую дывізію, былі беларусамі. Якраз Літоўска-Беларуская дывізія 15 жніўня спыніла на палях пад Радзымінам войскі Тухачэўскага, што кіраваў на Варшаву (і дасюль гэты дзень адзначаецца як сьвята Войска Польскага). Цяпер гэта дывізія мела вызваліць Вільню ад “жмудзінскага гнёту”. Рыхтуючы так званы “бунт Жалігоўскага”, Пілсудскі прасіў беларускіх дзеячоў, каб яны ўвайшлі ва ўрад Сярэдняй Летувы, заявіўшы пры гэтым, што ён беларус і Беларусі крыўдзіць ня дасьць. Але амаль ніхто яму ўжо больш ня верыў (апрача Іваноўскага і Тарашкевіча).

Балаховічу даручалася ня менш складанае заданьне. Ягоная Беларуская народная армія мелася вызваліць усю Беларусь. А калі б гэта не ўдалося, дык, прынамсі, Меншчыну (з часткай украінскага цяпер Палесься з Оўручам і Чарнобылем). Прадугледжвалася фэдэрацыя адваяванай Балаховічам часткі Беларусі і Сярэдняй Літвы (да якой мела далучыцца Гарадзеншчына) Жалігоўскага. Паводле Жалігоўскага, гэта мелася быць Беларуская Літва. І гэтак, раз заходнія саюзьнікі Польшчы не прызнавалі існаваньня Беларусі, Балаховіч, з загаду Пілсудскага, вонкава прызнаў палітычнае вяршэнства Расейскага палітычнага камітэту Барыса Савінкава. Дзякуючы гэтаму, ён меў ад Антанты грошы і зброю для сваёй арміі.

9 кастрычніка Жалігоўскі захапіў Вільню.

12 кастрычніка Балаховіч заключыў дамову зь Беларускім палітычным камітэтам (палітычным прадстаўніцтвам арганізацыі “Зялёны Дуб”), паводле якой БПК меў дапамагчы ў арганізацыі беларускай арміі, а тая ўзамен — аддаць Камітэту палітычную ўладу на вызваленай тэрыторыі.

3. Палескі паход Станіслава Булак-Балаховіча

Беларускі і Расейскі палітычныя камітэты пачалі ствараць супольную Саюзьніцкую народную армію. Расейскія часткі папаўняліся чырвонаармейцамі, завэрбаванымі ў лягерах для палонных; беларускія — фармаваліся з партызанскіх атрадаў “Зялёнага Дубу” і рэштак беларускіх батальёнаў ураду Луцкевіча. Калі ў лягер Балаховіча пад Туравам сьцягваліся палескія, беларускія і ўкраінскія партызаны, у нэўтральнай зоне між польскімі і савецкімі войскамі на Случчыне рыхтаваўся падсобны Слуцкі фронт. Плян наступу быў просты: Балаховіч меўся ўзяць спачатку чыгуначныя вузлы Мазыр і Калінкавічы ды павярнуць на Менск. Тым часам на Случчыне мерыліся правесьці маланкавую мабілізацыю ў Слуцкую брыгаду, якая адразу ж накіравалася б таксама на Менск.

6 лістапада 1920 г. Саюзьніцкая народная армія — дзьве дывізіі пяхоты (1-я “Дывізія сьмерці”, у якой над балахоўцамі, што прыйшлі з Эстоніі, колькасна пераважалі расейцы, і 2-я Менская дывізія, чыста беларуская, з партызан), украінская партызанская брыгада атамана Іскры і кавалерыйская група Балаховіча — пачалі наступ з абодвух бакоў Прыпяці. А 7 лістапада атрады Балаховіча ўзялі Петрыкаў, 10 — Мазыр, на дзень пазьней — Калінкавічы.

Камандаваньне савецкай 15 арміі накіравала ў раён дзеяньняў яшчэ тры стралковыя дывізіі і дывізію кавалерыі. 14 лістапада бальшавікі адбілі Калінкавічы, але Балаховіч раніцай наступнага дня зноў узяў горад. 2-я Менская дывізія пачала рухацца на Менск, наступаючы на Жлобін. Украінцы Іскры накіраваліся тым часам на Оўруч і Чарнобыль.

У гэты момант Балаховіч зрабіў памылку, якая вырашыла лёс кампаніі. Даведаўшыся, што ў Гомелі знаходзіцца 10 тысяч дэмабілізаваных чырвонаармейцаў і аграмадная колькасьць зброі і амуніцыі, ён кінуў 1-ю “Дывізію сьмерці” і кавалерыю свайго брата далей на ўсход. Ён меркаваўся папоўніць сваю армію дэмабілізаванымі салдатамі і зброяй, і толькі тады павярнуць на Менск. Пад канец дня 16 лістапада атрады Балаховіча падышлі з трох бакоў пад Рэчыцу, на прадмесьці якой пачаліся вулічныя баі, што доўжыліся потым увесь наступны дзень.

Ня менш цікавыя падзеі адбываліся ў палітыцы. 14 лістапада польскі ўрад загадаў свайму камандаваньню ўстрымацца ад хоць якой дапамогі Балаховічу (былі інтэрнаваны нават атрады, што не пасьпелі распачаць дзеяньняў. Сярод іншых і полк цяжкой артылерыі). Пакінуты сам-насам Балаховіч пачынае весьці адчайную гульню. 16 лістапада ён абвясьціў сябе начальнікам беларускай дзяржавы і стварыў у Мазыры ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі зь сябраў Беларускага палітычнага камітэту. Але тут пачаў бунтаваць Савінкаў, а за ім і расейскія часткі, адмаўляючыся змагацца за нейкую Беларусь. Балаховіч змушаны быў вылучыць беларускія часткі ў асобную беларускую армію пад камандаваньнем свайго брата.

Як ні дзіўна, у гэтую армію хлынуў натоўп добраахвотнікаў, нягледзячы на вельмі цяжкія абставіны на фронце (тут прыгадваецца добраахвотная мабілізацыя ў Беларускую краёвую абарону за часам II усясьветнай вайны — з падобнымі акалічнасьцямі). Пераважная сіла бальшавікоў — 10-я, 48-я, 4-я і 17-я стралковыя дывізіі ды 33-я Кубанская дывізія кавалерыі — спрабавалі акружыць Балаховіча. Атакай ад Жлобіна яны занялі 17 лістапада Калінкавічы. Праз два дні пачалося паўсюднае адступленьне войскаў Балаховіча. 2-я Менская дывізія ўпарта абараняла Мазыр, але 20 лістапада бальшавікі выціснулі яе з гораду. 1-я “Дывізія сьмерці” адыходзіла ад Рэчыцы ляснымі дарогамі, абмінаючы Мазыр. На поўдзень ад Прыпяці адступала група малодшага Балаховіча. Урэшце ядро сілы Балаховіча было акружана. Сам ён быў паранены ў нагу. Уратаваў Бацьку палкоўнік Жгун, пераправіўшы яго праз Прыпяць.

22 лістапада Балаховіч прарваўся праз пазыцыі 33-й Кубанскай дывізіі кавалерыі і пад канец лістапада выйшаў на польскі бок фронту. Частка 2-й Менскай дывізіі прарвалася на Случчыну, узмацняючы Слуцкую брыгаду, якая абаранялася ад Чырвонай Арміі да канца сьнежня 1920 г. Так скончыўся паход Булак-Балаховіча.

Няўдачу Балаховіча належыць разглядаць зь некалькіх пазыцый. Па-першае, гэта вынік асабістай яго памылкі — атакі на Гомель. Дух партызаншчыны перамог тут над духам дзяржаўнасьці. Безумоўна, Балаховіч, што б там ні было, павінен быў наступаць з усяею сілаю на Менск. Тады ўзьніклі б падставы для сапраўдных перамоў адносна лёсу БНР у кантэксьце рэальнай міжнароднай палітыкі. Сюды ж “кладзецца” і дывэрсія, учыненая прэм'ер-міністрам ковенскай БНР Ластоўскім, які падпісаў дамову з бальшавікамі аб супрацоўніцтве і з усяе сілы шкодзіў палякам, а найперш — Балаховічу. У выніку ягоных інтрыг зьезд Случчыны замест рашэньня кінуць усю сілу на Менск пачаў дыскутаваць: ці варта наагул ісьці з Балаховічам.

Па-другое, плян апэрацыі абапіраўся на тое, што Врангель пераможа бальшавікоў ці, прынамсі, скуе іхную сілу (так меркаваў польскі Генштаб). Але тым часам як Балаховіч пачынаў рэалізоўваць свой плян, паход Врангеля канчаткова праваліўся.

Па-трэцяе, армія Балаховіча не магла ваяваць без падтрымкі палякаў. Між тым, Сойм і ўрад Польшчы выказаліся за своечасовасьць замірэньня з Расеяй, няхай сабе й з савецкай.

4. Асоба генэрала Булак-Балаховіча

Адносна асобы Станіслава Булак-Балаховіча й дагэтуль не сьціхаюць спрэчкі. Адны лічаць яго героем і патрыётам Беларусі, іншыя — злачынцам і бандытам. Постаць генэрала сапраўды вельмі супярэчлівая ў найноўшай гісторыі Беларусі і заслугоўвае больш грунтоўнага вывучэньня. Гэтага змагара ня трэба занадта рамантызоўваць, але й ня варта выпэцкваць ягонае імя ў бруд.

Паміж іншага, адданасьць яго беларускай нацыянальнай ідэі й сёньня выклікае ў многіх дасьледнікаў сумневы і нават саркастычнае пасьміханьне. Лявон Дубейкаўскі, які добра ведаў генэрала па Варшаве, тым ня менш сьцьвярджаў, што “Балаховіч шчыры беларус, хоць і генэрал, віхор, вядома як ваенны”, а многія ягоныя заявы — усяго толькі тактычныя манеўры, каб выбіць у расейцаў, палякаў і французаў патрэбныя для забесьпячэньня сваёй вайсковай акцыі грошы і зброю. Нэгатыўнае ўспрыняцьцё асобы Балаховіча тлумачыцца — ці не найперш? — адмоўнымі рысамі характару гэтага чалавека. Паводле спамінаў ягоных сучасьнікаў, генэрал вызначаўся псыхалягічнай нераўнаважнасьцю, нястрыманасьцю характарыстык і празьмернаю амбітнасьцю.

Яшчэ ўвосень 1919 г. лідэры беларускага руху зьвязвалі з генэралам вялікія надзеі. Бліскучы баявы камандзір левых палітычных поглядаў, які тым жа часам выдатна праявіў сябе ў баях супраць бальшавікоў у складзе белае арміі ген. Юдзеніча, даў папярэднюю згоду перайсьці пад распараду Беларускай ваенна-дыпляматычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі. Лідэры БНР, седзячы ў Варшаве і акупаваным палякамі Менску, спадзяваліся, што збройныя фармаваньні беларускага генэрала складуць аснову беларускага войска. Але ў бэнээраўцаў ня было ні рэальнай улады ў самой краіне, ні міжнародавай падтрымкі з боку ўплывовых эўрапейскіх краін, ні патрэбных фінансавых сродкаў дзеля таго, каб зьдзейсьніць перадысьлякацыю балаховічавых вайсковых частак у Беларусь і забясьпечыць іх усім патрэбным. Да таго ж, справу ўскладніў раскол Рады БНР у сьнежні 1919 г.

Сутнасьць палітычных рэалій Булак-Балаховіч хутка зразумеў і без усякіх пасярэднікаў сам дамовіўся з палякамі ў лютым 1920 г. аб пераводзе свайго палку ў раён Берасьця, дзе распачаў актыўную вэрбоўку тутэйшых добраахвотнікаў, праводзіў партызанскія акцыі, нападаючы на вайсковыя штабы і рабуючы абозы чырвонаармейцаў. У кастрычніку 1920 г. уласныя фармаваньні генэрала уяўлялі ўжо сур'ёзную ваенную сілу: 7.500   стральцоў, 2.500 вершнікаў, 150 кулямётаў і 36 гармат. Наконадні палескага паходу да балахоўскіх аддзелаў далучыліся расейскія і ўкраінскія фармаваньні, і агульны склад гэтае арміі сягнуў да 20 тыс. чал.

Адносна аказанай падтрымкі Балаховічу Пілсудскім маюцца розныя меркаваньні. Адны трымаюцца думкі, што тое было апошняй спробай начальніка Польскае дзяржавы ажыцьцявіць сваю “фэдэралісцкую канцэпцыю”. Іншыя дасьледнікі тлумачаць гэта больш празаічнымі мэтамі — намерам польскага ўраду дэстабілізаваць унутрапалітычнае становішча ў Савецкай Расеі і дамагчыся ад апошняй большых саступак на будучых мірных перамовах. Ёсьць таксама вэрсія, што гэта акцыя была прымеркавана да віленскага паходу Беларуска-літоўскае дывізіі генэрала Жалігоўскага дзеля прыцягненьня значнай сілы чырвонай арміі на ліквідацыю балаховічавага наступленьня на Палескім участку фронту, каб ня даць магчымасьці савецкаму кіраўніцтву ўмяшацца ў польска-літоўскую тэрытарыяльную спрэчку за Віленшчыну.

Палітычная праграма генэрала была збольшага запазычана ў Барыса Савінкава, зь якім генэрал заключыў палітычны хаўрус. Стаўка ў збройным змаганьні супраць бальшавікоў рабілася на сялянства. “Закон, парадак, зямля народу” — галоўны палітычны тэзіс, які пацьвярджаў асноўныя сацыяльныя заваёвы працоўных мас падчас рэвалюцыі 1917 г. Набыцьцё сялянамі зямлі “рэвалюцыйным шляхам” абвяшчалася “справядлівым і гістарычна непазьбежным”. Прызнаваліся прынцып нацыянальнага самавызначэньня і права ўсіх народаў на “самастойнае палітычнае пабытаваньне”; тэрытарыяльныя спрэчкі між Вялікарасеяй і нацыянальнымі ўскраінамі былой царскай імпэрыі мусілі вырашацца мірным шляхам. Сацыяльныя пункты дэклярацыі Савінкава–Балаховіча, як бачым, былі высунуты на першае месца — з мэтай прыцягнуць на свой бок вёску, якая цярпела ад бальшавіцкіх “продразверсток”. Але не ўлічвалася тое, што гэтая праграма не даходзіла да большасьці вясковага жыхарства. Затое аж залішне было бальшавіцкае прапагандысцкае літаратуры, у якой балахоўцаў і савінкаўцаў паказвалі ворагамі сялян, што жадаюць рэанімацыі старога палітычнага ладу і аднаўленьня “паншчыны”. Такім чынам, яшчэ не пачаўшы свайго паходу, Балаховіч адпачатку прайграў бальшавікам інфармацыйную вайну.

У тандэме з Савінкавым генэрал не зьбіраўся заставацца на другіх ролях. Ён марыў стаць “начальнікам беларускай дзяржавы”. А дзеля гэтага трэба было заручыцца таксама падтрымкай з боку беларускіх нацыянальных арганізацый.

Шчыльнае супрацоўніцтва Балаховіча з Савінкавым і польскімі спэцслужбамі прывяло да канчатковага разрыву генэрала з Найвышэйшай радай БНР, кіраўніцтва якой тады знаходзілася ў Варшаве. Адзін з кіраўнікоў Рады Кузьма Цярэшчанка на той момант заявіў: “Для беларусаў Балаховіч зьяўляўся прэдстаўніком чорнай расейскай рэакцыі ў Ядынай, Недзялімай”. У гэтай сытуацыі генэрал робіць стаўку на палёнафільскую групу Паўла Алексюка і Вячаслава Адамовіча-старэйшага. Створаны апошнімі Беларускі палітычны камітэт становіцца “цывільным урадам” Булак-Балаховіча часам палескага паходу 1920 г. Але армія Балаховіча ўжо з свайго складу была далёкай ад таго, каб называцца беларускай народна-вызваленчай. Большую частку яе складалі ўкраінскія і расейскія (“белыя”) аддзелы, добра-такі засьмечаныя рознымі авантурыстамі і маргіналамі. І “найлепей” апошнія выявіліся ў рабаваньні мясцовага насельніцтва ды габрэйскіх пагромах. Рэквізіцыя ж харчовага правіянту і фуражу ва ўмовах “самазабесьпячэньня” таксама правакавала непазьбежныя канфлікты з тутэйшымі сялянамі. У самы адказны момант лягер Балаховіча пакінуў генэрал Перамыкін са сваімі аддзеламі. Усё гэта істотна паўплывала на баяздольнасьць балаховічавай арміі і прадвызначыла яе паразу...

4. Слуцкі збройны чын

У гістарычнай літаратуры заўважны значныя разыходжаньні ў вызначэньні колькаснага складу Слуцкае беларускае брыгады. У сваіх спамінах удзельнікі збройнага чыну падаюць колькасьць паўстанцаў ад 7 да 10.000 чалавек. Але гэтая лічба тычыцца тых добраахвотнікаў, хто адгукнуўся на заклік Беларускае рады Случчыны ўступаць у беларускае войска і прыйшоў у Семежава. Адсутнасьць зброі і хуткі адыход паўстанцаў з памянёнага мястэчка змусіў многіх зь іх павяртацца ў свае вёскі. Рэальна ж колькасны склад двух палкоў быў значна меншым. У кароткім аглядзе гісторыі беларускага нацыянальнага руху, пададзеным у 1928 г. дэфэнзывай (контрвыведкай) Генэральнага штабу польскага войску, пазначана 4.000 слуцкіх паўстанцаў. Польскія гісторыкі З.Карпус і В.Рэзмэр паводле сваіх падлікаў, узятых з рапартаў выведкі 4-е польскае арміі за сьнежань 1920 г., падаюць значна меншую лічбу — 1.100—1.200 чалавек. У савецкіх ваенных крыніцах колькасны склад паўстанцкага войска — прыкладна 2.000 чалавек. Пры гэтым у зводках 16-й арміі за сьнежань 1920 г. паведамлялася, што больш за палову беларускіх вайскоўцаў ня мела ўзбраеньня. Такім чынам, і польскія і савецкія дадзеныя пра рэальны баявы патэнцыял Слуцкае беларускае брыгады фактычна супадаюць. А значыць іх можна прызнаць за аб'ектыўныя.

Першы бой паўстанцаў з аддзелам 16-й арміі адбыўся 27 лістапада каля в. Васільчыцы. Падчас яго чырвонаармейцы былі выбіты зь вёскі. Цягам больш чым месяца Слуцкая беларуская брыгада ўчыніла больш за дзясятак вайсковых акцый супраць рэгулярных савецкіх войск. Гэта былі пераважна партызанскія дывэрсіі, што падкідалі супраціўніку шмат турбот. Паўстанцы, пасьля праведзеных вайсковых апэрацый зазвычай адыходзіліся ў 30-кілямэтровую нэўтральную зону, якая падзяляла польскія і савецкія часткі. З прыходам да кіраўніцтва Слуцкае брыгады капітана А.Сокал-Кутылоўскага дзеяньні паўстанцаў сталі больш рашучымі. Найбольш значная падзея адбылася 17—19 сьежня 1920 г., калі 1-ы Слуцкі полк павёў адкрыты наступ супраць чырвонаармейцаў уздоўж старога Слуцкага тракту і зноў авалодаў м. Семежава, а праз два дні — м. Вызна.

Цягам амаль цэлых сутак паўстанцы стрымлівалі атакі пераважных сіл савецкіх войск. І толькі ўвечары 19-га сьнежня змушаны былі адступіць, захапіўшы з сабой шмат вайсковай амуніцыі, зброі, а таксама палонных. Савецкае кіраўніцтва сур'ёзна ўспрымала небясьпеку слуцкага супраціву, які мог перакінуцца на іншыя паветы Меншчыны і далей на ўсю Беларусь. На паўстанцаў былі кінуты дзьве сьвежыя “надзейныя” дывізіі з суседняй 3-й арміі дзеля правядзеньня татальнай “зачысткі” нэўтральнае зоны. У апошняй дэкадзе сьнежня аддзелы чырвонаармейцаў актывізавалі карныя апэрацыі супраць случакоў. Адначасна савецкае вайсковае кіраўніцтва дамаглося на гэты час ад польскага камандаваньня выкананьня некаторых пунктаў прэлімінарнага пагадненьня аб спыненьні дзейнасьці ў нэўтральнай зоне “антызаконных” вайсковых фармаваньняў. Пасьля польскага ультыматуму асноўная частка Слуцкае брыгады 30 сьнежня 1920 г. перайшла раку Лань і ў раёне в. Сіняўка была раззброена, а пасьля інтэрнавана. Так завяршылася актыўная фаза Слуцкага антыбальшавіцкага супраціву.

Случчына была тым месцам, дзе беларускі нацыянальны рух зарадзіўся і стаў пашырацца на іншыя рэгіёны Беларусі. Першыя беларускія нацыянальныя гурткі паўсталі тут яшчэ ў канцы ХІХ  c т. Падчас рэвалюцыйных падзей 1905—1906 гг. у Слуцкім павеце ўзьнікаюць суполкі Беларускае сацыялістычнае грамады, але з прыходам палітычнае рэакцыі пасьля 1907 г. беларускае палітычнае жыцьцё тут на доўгі час замірае. Аднаўленьне чыннасьці беларускіх нацыянальных арганізацый на Случчыне адбылося пасьля Лютаўскае рэвалюцыі 1917 г. У гэты час тут паўстаюць беларускія моладзевыя і вучнёўскія гурткі: слуцкая “Папараць-кветка”, грозаўская “Зарніца”, “Кутнёўская навуковая грамада” і інш. Значную ролю ў пашырэньні беларускай справы ў павеце адыграў тым часам Радаслаў Астроўскі, ураджэнец гэтых месцаў, былы выкладчык Менскага настаўніцкага інстытуту, якога Часовы расейскі ўрад прызначыў сваім павятовым камісарам. З намаганьняў апошняга ў жніўні 1917 г. у Слуцку была ўтворана земская гімназія, у навучальную праграму якой было ўведзена выкладаньне беларускае мовы і беларусазнаўства. А яшчэ раней, у сакавіку таго ж году, была арганізавана гарадзкая міліцыя, дзе кіроўныя пасады займалі вядомыя беларускія дзеячы Марк Асьвяцімскі, Апанас Анташэўскі ды інш. Менавіта гэтая паўвайсковая структура, што забясьпечвала грамадзкі парадак у горадзе, стала асновай Слуцкае беларускае брыгады ў лістападзе 1920 г.

Слуцкі Беларускі нацыянальны камітэт (БНК), утвораны яшчэ ў 1918 г., найбольшую актыўнасьць выявіў за часам польскай акупацыі (1919—1920 гг.). Скарыстаўшы легальнае становішча, ён пахіліў сваю чыннасьць на разьвіцьцё ў павеце беларускага школьніцтва і каапэратыўнага руху. Увесну 1920 г. былі зроблены нясьмелыя крокі, каб вырваць з-пад польскага кантролю органы мясцовага самакіраваньня. Але зьдзейсьніць гэта ўдалося толькі напярэдадні Збройнага чыну.

Акупацыйныя ўлады ў павеце мяняліся, а беларускі селянін, насуперак ім, намагаўся жыць сваім жыцьцём. Найперш яго турбавала пытаньне зямлі. Скасаваньне буйнога абшарніцкага землеўласьніцтва, перадача зямлі сялянскім гаспадаркам — тая “нацыянальная ідэя”, якую падтрымлівала абсалютная большасьць тутэйшага сялянства. Рэальная палітычная сіла, што абяцала вырашыць зямельнае пытаньне на карысьць сялян, і станавілася дамінантнай у краіне. Гэту сытуацыю выдатна скарысталі бальшавікі, якія прыйшлі да ўлады на хвалі папулісцкіх абяцаньняў.

Але калі ў разгар вайны з Польшчай савецкая ўлада пачала прымусовую мабілізацыю ў чырвонае войска, а харчовымі вайсковымі аддзеламі праводзілася масавая рэквізіцыя хатняй жывёлы, правіянту і фуражу, сяляне на адказ узяліся за зброю. Яны не жадалі быць “гарматным мясам” у бальшавіцкіх плянах усясьветнае рэвалюцыі. Гэта быў той момант, калі сацыяльная і нацыяльная складовыя антыбальшавіцкага супраціву злучыліся ў адзінае цэлае. Менавіта Слуцкі БНК і іншыя мясцовыя беларускія арганізацыі сталі арганізацыйнымі асяродкамі антысавецкага паўстаньня ў лістападзе–сьнежні 1920 г. Нават слуцкае праваслаўнае сьвятарства на чале з будучым слуцкім эпіскапам, пратаярэем Мікалаем Шамяцілам падтрымала гэты патрыятычны рух.

Чаму ж у гэты момант беларускае сялянства стала на бок беларускага нацыянальнага адраджэньня? Досьвед, здабыты часам ваенных і рэвалюцыйных падзей 1914—1920 гадоў, падказваў беларускаму сяляніну, што ніхто звонку не абароніць ягоных сацыяльных і эканамічных правоў. Тут варта зазначыць, што сялянскія гаспадаркі Случчыны не был i так моцна пашкоджаны ды разбураны падчас Першай усясьветнай вайны, як гэта здарылася на Віленшчыне і Гарадзеншчыне. Не закранула моцна гэты рэгіён і ліха масавага бежанства. Дэмаграфічныя страты Слуцкага павету за 1914—1919 гг., паводле польскіх дадзеных, склалі ўсяго 4,6%. У эканамічным пляне за рэвалюцыйныя гады слуцкае сялянства палепшыла сваё становішча. Адбылося гэта найперш за кошт мясцовых абшарнікаў, якія масава, з прычыны рэвалюцыі, за бясцэнак прадавалі сваю зямлю. Нярэдка права на ўласнасьць у той час вырашалася “рэвалюцыйным шляхам”. Добрая глеба (дарэчы, ці не найлепшая ў Беларусі) і рацыянальнае гаспадараньне прыносяць свой плён. Заможнаму слуцкаму сялянству было што губляць у бальшав i цк i х экспрапрыяцыях і было што баран i ць.

Тутэйшы селянін, які падтрымаў паўстаньне, асабліва не заглыбляўся ў палітыку Беларускае рады Случчыны. Яму было дастаткова слова “беларуская”. І аніякія доказы за гэтым часам не маглі пераканаць яго ў памылковасьці ці правільнасьці асабістага “нацыяналізму”. Але гэта быў нацыяналізм павярхоўны.

Барацьба за дзяржаўную незалежнасьць абцяжарвалася палітычным расколам у беларускім руху. Сіла, што рабіла стаўку на супрацоўніцтва з Польшчай, ня мела падтрымкі шырокіх народных мас. Якраз на той момант набірала моц Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянэраў (БПС-Р), якая вызнавала сялянскі сацыялізм і стаяла на антыпольскіх пазыцыях. Гэта была самая масавая беларуская палітычная арганізацыя, да якой належала некалькі тысяч актывістаў. На Случчыне эсэры складалі касьцяк усіх беларускіх арганізацыйных структур, у тым ліку й мясцовага Беларускага нацыянальнага камітэту. Ідэалягічная роднасьць бальшавікоў і эсэраў прывяла іх да часовага хаўрусу супраць Польшчы ў канцы 1919 г. Пасьля заняцьця Слуцкага павету чырвонаю арміяй улетку 1920 г. частка эсэраў на чале з Андрэем Бараноўскім увайшла ў склад павятовага ваенна-рэвалюцыйнага камітэту ды іншых органаў савецкае ўлады. Антысялянская палітыка “ваеннага камунізму”, а таксама заключэньне польска-савецкага пагадненьня аб падзеле Беларусі паскорыла палітычнае разьмежаваньне ў шэрагах БПС-Р на тых, хто выступаў за збройнае змаганьне супраць бальшавікоў, і тых, хто далей разьлічваў на супрацоўніцтва з новаю ўладай. Гэтая палітычная дваістасьць беларускіх эсэраў, якія ачолілі палітычны цэнтар паўстаньня ў лістападзе 1920 г., нэгатыўна адбілася на ходзе і характары слуцкага антыбальшавіцкага супраціву.

Для беларускіх сацыялістаў савецкая ўлада была ўсё ж “раднейшай” за польскую, хоць галоўны лёзунг паўстанцаў і заклікаў: “Прэч маскоўскага камісара і польскага пана!”. Нездарма ж пасьля ліквідацыі паўстаньня частка беларускіх эсэраў актыўна ўдзельнічала ў арганізацыі антыпольскай партызанкі на Віленшчыне і Гарадзеншчыне, а ўдзельнік слуцкіх падзей Язэп Лагіновіч (Корчык) стаў адным з кіраўнікоў Камуністычнае партыі Заходняе Беларусі. Нежаданьне прыхільнікаў “сялянскага сацыялізму” весьці актыўныя баявыя дзеяньні супраць чырвонае арміі сутыкнулася з рашучымі настроямі большасьці афіцэраў і жаўнераў Слуцкае беларускае брыгады. Апошнiя ня вельмi разьбiралiся ў пэрыпэтыях палiтычнае барацьбы, а таму кiравалiся адно жаданьнем змагацца супраць бальшавікоў. На апошняй фазе паўстаньня на чале збройных сіл случакоў стаў штабс-капітан Антон Сокал-Кутылоўскі, на якога былі ўскладзены дыктатарскія паўнамоцтвы. Менавіта на гэты час прыпадаюць найбольш значныя вайсковыя апэрацыі паўстанцаў.

Галоўнаю прычынай хуткага задушэньня сялянскага супраціву была адсутнасьць сур'ёзнай палітычнай арганізацыі, якая магла б згуртаваць раскіданыя галіны антыбальшавіцкага супраціву пад сьцягам нацыянальнае незалежнасьці. Такой арганізацыяй ня сталі ні партыя беларускіх эсэраў, ні т.зв. сялянская партыя “Зялёны дуб”. Агульная арганізацыя сумесных дзеяньняў сялянскіх паўстанцаў у Беларусі не перасягала межаў аднаго павету. Ідэя беларускае дзяржаўнасьці не зрабілася яшчэ галоўным кансалідантным фактарам у дзейнасьці мясцовай палітычнай эліты, схільнай да розных форм калябарацыі. Не спрыяла справе кансалідацыі й слабая нацыяльная сьвядомасьць грамадзтва: вызваленчаму руху замінаў залішні левы радыкалізм.

Важна памятаць таксама й пра мэтады, скарыстоўваныя бальшавіцкімі ўладамі для задушэньня сялянскіх паўстаньняў, у тым ліку й на Случчыне. Рэпрэсіі чыніліся ня толькі супраць удзельнікаў антысавецкіх збройных фармаваньняў. Карныя апэрацыі т.зв. “чонаў” (частак асаблівага прызначэньня) праводзіліся супраць цэлых вёсак. У Беларусі асаблівай жорсткасьцю вызначаўся карны аддзел камісара Стока. Каб пазбавіць паўстанцаў падтрымкі родных і сваякоў, савецкая ўлада ўжывала практыку гвалтоўных высяленьняў “бандыцкіх” сямей у цэнтральныя рэгіёны Расеі за сотні кілямэтраў ад родных месцаў. За спачуваньне “зялёным” у БССР у 1920—1921 гг. учынялі адмысловае высяленьне ў галоднае Паволжа, дзе выгнаньнікаў чакала пакутная сьмерць. Канфіскаваную маёмасьць “бандыцкіх прысьпешнікаў” разьмяркоўвалі між “чэсных грамадзян”.

У антыбальшавіцкім змаганьні беларуская вёска фактычна засталася без адчувальнай падтрымкі гораду, што найперш зьвязана з асаблівасьцямі нацыянальнага і сацыяльнага складу гарадзкога жыхарства. Габрэйскае абыватальства, якое складала асноўны кантынгент насельнікаў беларускіх гарадоў і мястэчак, у першыя гады савецкае ўлады было захоплена камунізмам. Тым часам калі мясцовыя абшарнікі і прадпрымальнікі за новай уладай гублялі свае капіталы, прадпрыемствы і фальваркі, а сялянства стагнала ад рэквізыцый хлеба і хатняй жывёлы, сацыяльнае, палітычнае і матэрыяльнае становішча дробных гандляроў і рамесьнікаў не пагоршала, а нават трохі палепшала. Бальшавізм вызваляў апошніх ад ранейшага нацыянальнага прыніжэньня, уздымаў іх сацыяльны статус. Спрытнай габрэйскай моладзі, што вырвалася з ранейшага кансэрватыўнага юдэйскага асяродку і атрымала адукацыю ў казённых расейскамоўных школах, за новай уладай адкрываўся шырокі шлях для кар'ернага росту ў савецкім дзяржаўным апараце. Другая частка тутэйшага габрэйства — артадоксы і правыя сыяністы — дачынна беларускага руху па-ранейшаму трымаася “нэўтралітэту”.

Сацыяльна-псыхалягічная стома насельніцтва Беларусі ад наступстваў Першае ўсясьветнае вайны і рэвалюцыйнага закалоту — не апошні фактар, які тлумачыць прычыну хуткага згасаньня антыбальшавіцкага супраціву. Перажыўшы вялікія сацыяльныя катаклізмы, разгул бяспраўя і гвалту розных уладных і ваенных рэжымаў, насельніцтва краю прагла не вайны, а хоць нейкай стабільнасьці. Дык і супраціў збольшага быў пасіўны. Наагул тыповы беларус так і застаўся стаяць з разяўленым ротам — нават ня вымавіўшы ўслых хоць слова пратэсту. Грамадзкая і палітычная чыннасьць насельнікаў гэтага краю пасьля кароткага ўсплеску зноў застыла на мёртвай кропцы замярзаньня.

 

 

Лекцыя 2
 

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY